avatar

Рэальная гістарычная асоба на гербе Магілёва

Наведваючы Магілёў два тыдні таму, пазнаёміўся з цікавым дзядзькам з асяродка майго былога суседа па абшчазе. За чаркай гарбаты ішлі звычайныя для мужчынскай кампаніі размовы: футбол, паляваньне/рыбалка, палітыка ды г.д. Нейкім бокам зачапілі магілёўскі герб і тут мой новы знаёмы выдаў вельмі цікавы пасаж.
Папярэдне нагадаю складаную (прыкладна як і ў Віцебска) гісторыю Магдэбурскага права у Магілёве. Упершыню горад атрымаў свае вольнасьці ад Стэфана Баторыя 28 студзеня 1577 года: прывілеі для месьцічаў і адпаведны герб – срэбную вежу каменную на блакітным фоне. Аднак у 1654 годзе магіляўчане павяліся на здрадніцкія абяцанкі тутэйшых рашкаванафілаў і здалі горад маскавітам. За гэткае паскуцтва Уладзіслаў IV Ваза пазбавіў Магілёў магдэбурскіх прывілеяў. 1 лютага 1661 года магіляўчане узнялі паўстаньне супраць акупантаў і перабіўшы амаль 7 тысячны гарнізон маскавітаў, вызвалілі горад і навакольле. Пачуўшы гэткую прыемную навіну і атрымаўшы некалькі дзесяткаў палонных баяраў бы ваяводаў, кароль Ян Казімір 9 чэрвеня 1661 года аднавіў для Магілёва Магдэбурскія вольнасьці і надаў герб. Але ужо іншы.

Згодна гістарычных крыніцаў заклік да паўстаньня падаў магілёўскі бурмістр Юзэф Леановіч, засекшы некалькі стральцоў-маскавітаў вялізным мечам, якім звычайна магілёускі кат выконваў сваю брутальную працу. На новым гербе Магілёва на фоне адчыненай гарацкой брамы размешчаная выява рыцара з узьнятым мячом. Шмат хто з мясцовых гісторыкаў-адмыслоўцаў лічаць, што гэткім чынам каралеўская улада ўшанавала ролю бурмістра Леановіча ў перамозе над акупантамі. Таксама Ян Казімір выдаў прывілей, згодна якога бурмістр атрымаў у тым ліку і права выкарыстоўваць у прозьвішчы прыдомак “Пара-“ (Пара-Леановіч) як напамін аб тым, што паўстаньне пачалося з ягонага закліку “Пара!”
Цікавая і яшчэ адна рэч. Даведаўшыся, што магілёўскія месьцічы вярнуліся пад крыло Рэчы Паспалітай, патрыярх Нікан абвясьціў магіляўчанам анафему. Кажуць, што яна дасюль не зьнятая ;)))
0 комментариев

Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.