avatar

Да гісторыі Смалянаў (Аршанскі раён)-2

Працяг тэмы, распачатай тут freebloger.by/moj_rodny_kut/2624.html і працягнутай
тут freebloger.by/mr_zhukov/2147.html
Патрапіла на вочы яшчэ адна цікавая папера, што пралівае сьвет на гісторыю Смалянаў яшчэ да пераходу (1522 год) ва уладаньне гетмана літоўскага, кашталяна віленскага і ваяводы трокскага Канстанціна Астрожскага. У 12-ай кнізе Літоўскай Метрыкі захаваўся каралеўскі прывілей ад 21 сьнежня 1522 года на “двор Смаляны у Аршанскім павеце”, дзе зафіксаванае наступнае. Папярэдне маёнтак належыў бабцы князя Астрожскага – княгіні Ганне Васільеўне (Разанскай), што была ў шлюбе з Фёдарам Іванавічам Бельскім. Апошні, дарэчы, пакінуў па сабе нядобрую памяць, як адзін з першых тутэйшых чыноўнікаў, што нарабіўшы справаў, шукаюць прытулку на Маскоўшчыне. Раша традышн – зьбіраць чалавечае сьмецьце з суседніх абшараў, як бачна, жывая і дасюль.
Аднак вернемся да гісторыі. Князь Фёдар Іванавіч, уладальнік горада Бельск, разам з князямі Міхалам Алелькавічам Слуцкім і Іванам Юр’евічам Гальшанскім удзельнічаў у змове супраць караля і вялікага князя Казіміра IV. Змова была выкрытая, Бельскі, якому адзінаму пашчасьціла не сесьці на палю, зьбег да маскалёў. Што заканамерна ;), быў ласкава прыняты царом Іванам III і атрымаў “на кармленьне” горад Дзям’янск. Цікава, што жонка уцекача – Ганна Васільеўна, засталася у Літве, у Смалянах, і не асабліва сьпяшалася далучыцца да Фёдара. Нельга сказаць, што лёс здрадніка склаўся надта ўжо няўдала: ня гледзячы на часовую апалу і на замену Дзям’янска на нейкі там мухасранск на Волзе, Фёдар заставаўся пры двары і нават удзельнічаў у некалькіх няудалых паходах супраць Літвы і Казані. Меў трох сыноў і з ласкі Івана III узяў новы шлюб…з пляменьніцай сваёй першай жонкі.

Згодна прывілея малодшы з сыноў, Сямён, пэўна меў нейкія правы на спадкаемства двору Смаляны, аднак “…як ён з зямлі нашай выехаў, той двор стаў быў на брата нашага, светлай памяці караля Аляксандра…”, карацей Смаляны перайшлі ў казну. Ну, а потым з каралеўскай ласкі дасталіся князю Астрожскаму і сыну яго – Ільі “…до жівотов іх ободвух”. Гэткім чынам, срок валоданьня Смалянамі быў абмежаваны і прадугледжваў па сьмерці Канстанціна Астрожскага і ягонага сына вяртаньне надзела ў дзяржказну. Што і адбылося, як вядома з папярэдніх папераў.
Хацелася б крыху супыніцца і на лёсе Бельскага-малодшага, Сямёна. Як кажуць, яблыка ад яблыні…: у жніўні 1534 года ён здраджвае ужо маскалям і бяжыць на Літву. Вялікай ласкі не знайшоў, бо частка інфармацыі, якую здаў Бельскі… не тое каб была дэзай, хучэй выдавала пажаданае за існае. Што і высьветлілася пад час чарговай вайны з маскалямі. Атрымалася адбіць у захопнікаў толькі Гомель і Старадуб, хоць разлічвалі амаль на усю Севершчыну. Сёма Бельскі, разумеючы што мусіць стаць краінім, хуценька сабраў манаткі і зваліў да крымскага хана. У Крыме Сёма па старой звычцы пачаў надзімаць шчокі, выдаючы сябе за вялікага стратэга і вырашальніка пытаньняў: падбухторваў крымцаў то супраць Масквы, то супраць Літвы і у той жа час ліставаў да Алены Глінскай (фактыная кіраўніца Маскоўшчынай) і да Жыгімонта Старога. У 1541 годзе татары павяліся на фу-фу, пайшлі ў набег, але штосьці там адбылося і войска паварацілі на паў-дарозе. З таго часу аб Сямёне нічога не вядома. Пэўна чыкнулі як барана ды пакінулі у якой балцы на корм крумкачам. Што возьмеш? Дзікуны, дзеці стэпаў.
2 комментария
avatar
Дзякуй, вельмi цiкавы топiк!
адзінаму пашчасьціла не сесьці на палю
Гэта сапраўды была паля? У мяне склалася ўражанне, што паля звычайна была для нiжэйшых саслоўяў, а не для князёў.
avatar
Дакладна сказаць цяжка. У розных крыніцах фігуруюць розныя тыпы пакараньня. Недзе проста «пакараныя горлам» ці «казнены», ёсьць і пра «палю». Насамрэч гэткае ганебнае пакараньне для шляхты звычайна не ужывалі, тым болей для шляхты магнацкага узроўню. З іншага боку, спроба змовы — цяжкое дзярж-злачынства, Казімеж мог і раз'юшыцца. Я, дарэчы, сам зацікавіўся «як». Тым болей, што існуе пэўная блытаніна і з пытаньнем «калі». Спадзяюся, працяг будзе :).

Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.